2026 г. — 530 гадоў з часу першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах в. Глінна (Іванаўскі р-н; 1496)
Вёска Глінна Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў пісьмовых крыніцах упершыню ўзгадваецца ў 1496 г. у Пінскім княстве Берасцейскага ваяводства. Адапелятыўная назва утворана ад наймення горнай пароды гліна, характарызуе глебава-грунтовыя адметнасці наваколля вёскі. У 1517 г. Глінна ўваходзіла ў маёнтак Чарневіча (уласнасць Нелюбовічаў). Упамінаецца ў апісанні мяжы паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каронай Польскай у 1546 г. як Гліннае Дружылавіцкага двара Пінскага княства.
14 жніўня 2018 г. — 50 гадоў з дня нараджэння Сяргея Міхайлавіча Кавальчука (1968), беларускага дзяржаўнага дзеяча, міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь
Сяргей Міхайлавіч Кавальчук нарадзіўся 14 жніўня 1968 г. у вёсцы Журавок Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Маці, Ніна Сцяпанаўна, працавала настаўніцай у пачатковай школе. Бацька, Міхаіл Іванавіч, быў кінамеханікам. У сям’і пасля Сяргея нарадзіліся яшчэ два сыны і дачка. Сям’я пераехала ў суседнюю вёску Глінна, дзе ў мясцовай школе Ніна Сцяпанаўна выкладала беларускую мову і літаратуру. Сяргей старанна вучыўся, асабліва яму давалася матэматыка, захапляўся спортам, удзельнічаў у спаборніцтвах. Захапленню спортам садзейнічаў настаўнік фізкультуры Віктар Іванавіч Сокал. Сяргей Кавальчук скончыў СШ № 2 г. Іванава з залатым медалём, марыў стаць ваенным.